Хадавыя кватэры ў вялікім дэфіцыце

Дата публикации: 28 января 2011

Стандартныя па якасці і не вельмі дарагія кватэры Мінска здаюцца ў арэнду на працягу некалькіх гадзін.

На сталічным рынку арэнды жылля ўжо амаль на працягу двух месяцаў назіраецца сур'ёзны недахват практычна ўсіх відаў кватэр. Падобная сітуацыя складвалася традыцыйна ў апошнія 2—3 тыдні года, а потым у студзені на рынак "выкідвалася" вялікая колькасць розных аб'ектаў жыллёвай нерухомасці па лініі доўгатэрміновай арэнды. Сёлета гэтая тэндэнцыя ўжо не працуе, бо ліквідных кватэр на рынку ўвогуле амаль няма.

Прапанова не задавальняе попыт

Сёння самае таннае арэнднае жыллё магчыма адшукаць толькі за 200 долараў у Заводскім раёне ў старым пяціпавярховым доме. Гэта будзе маленькая аднапакаёвая кватэра ўвогуле без мэблі, або з мэбляй савецкіх часоў. Звычайныя стандартныя кватэры ў спальных раёнах ці не вельмі далёка ад метро, коштам 230—250 долараў "знаходзяць" сабе новых гаспадароў праз агенцтвы ўсяго за некалькі гадзін.

Паводле інфармацыі агента па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці "Дзінас" Іны Кульшы, цяпер на сталічным рынку арэнды назіраецца самая мінімальная прапанова за апошнія 5—7 гадоў. У гэтым агенцтве па стане на апошні аўторак студзеня было 22 кватэры, але гэта, галоўным чынам, дарагія кватэры ў цэнтры за 400—550 долараў.

Так, сярэдні кошт арэнды аднапакаёвых кватэр складае 250 долараў, аднак... Сёння вельмі кемлівыя гаспадары кватэр хутка зразумелі, што арэнднага жылля ў Мінску не хапае, таму побач з метро цэннік аднапакаёвак усё часцей дасягае 260—300 долараў. Па такім кошце кватэры здымаюцца толькі ў тым выпадку, калі ў ёй ёсць сучасная мэбля, а таксама адносна новыя пральная машына, тэлевізар і халадзільнік. Аднак кватэр з такім "наборам камфорту" сёння амаль няма.

Мінімальны кошт двухпакаёвых кватэр без мэблі ў старых дамах складае 250 долараў. Сярэдні цэннік двухпакаёвак складае 300, а побач з метро 350 долараў. Якасных хадавых кватэр па такім цэнніку засталося няшмат. А вось у цэнтральных раёнах Мінска якасныя двухпакаёвыя кватэры каштуюць ужо 600—700 долараў.

Самыя танныя трохпакаёвыя кватэры магчыма адшукаць у новабудоўлях за 300 долараў або ў старых дамах, але ўжо без мэблі. Звычайна стандартныя трохпакаёвыя кватэры здаюцца па кошце двухпакаёвак. Аднак якасныя трохпакаёўкі з сучаснай бытавой тэхнікай недалёка ад лініі метро прапануюцца за 400—500 долараў. Сярэднія па якасці трохпакаёвыя кватэры ў цэнтры Мінска каштуюць да 700—750 долараў, а шматпакаёвыя кватэры эліт-класа — да 1300—1500 долараў. Самыя дарагія шматпакаёвыя кватэры Мінска прапануюць за 2—2,5 тысячы долараў. Адразу заўважу, што дарагія кватэры шукаюць сабе гаспадароў даволі доўга.

У лютым прапанова павялічыцца?

Спецыялісты сталічнага рынку арэнды спадзяюцца, што ўжо праз два—тры тыдні колькасць стандартных кватэр у арэнду павялічыцца. Справа ў тым, што на навагоднія святы шмат кватэр здаваліся па добрым кошце менавіта на кароткі тэрмін. Цяпер гэтае жыллё павінна зноў трапіць на рынак. Сёння ў агенцтваў шмат заказаў, калі патэнцыйныя кватаранты гатовыя плаціць за аднапакаёўку 250 долараў, за двухпакаёўку — 300, а трохпакаёўку — да 350 долараў. Новыя спецыялісты і маладыя сем'і здымаць даражэйшыя кватэры проста не змогуць.

Калі гаспадары будуць павялічваць кошт сваіх паслуг, тады кватаранты пачнуць шукаць таннейшае жыллё ў невялікіх гарадках побач з Мінскам. Так, сёння добрая трохпакаёвая кватэра ў Астрашыцкім Гарадку каштуе 200 долараў. Вельмі якасная трохпакаёўка з сучаснай бытавой тэхнікай у Навінках прапануецца за 300 долараў. Крыху таннейшыя чым у сталіцы кватэры існуюць і ў Бараўлянах. Спадарыня Кульша ўпэўненая, што бліжэй да вясны на сталічным рынку з'явяцца і сезонныя кватэры, кошт арэнды на якія будзе крыху ніжэйшы за рыначны.

Не трэба купляць ката ў мяшку

Апошнім часам на інтэрнэт-рэсурсах пачалі з'яўляцца рэкламныя паведамленні не зусім добрасумленных агенцтваў, якія прапануюць кліентам неіснуючыя цэннікі даволі ліквідных кватэр. Напрыклад, сёння кватэр уздоўж лініі метро за 200 долараў няма. А вось па рэкламе такое жыллё ёсць. Праўда, падобныя агенцтвы прапануюць сваім кліентам за 175 тысяч толькі прадастаўленне інфармацыі, якая не заўсёды бывае свежай. Лепш звяртацца ў салідныя агенцтвы нерухомасці. Яны за 350 тысяч заключаюць дагаворы, па якіх плаціць трэба толькі па факце засялення.

просмотров новости: 13830


Комментарии

Отправить новый комментарий